Адначасова з выбарамі прэзідэнта зменяць і Канстытуцыю?

Аптымізаваць судовую сістэму і аб’яднаць Вышэйшы гаспадарчы суд з Вярхоўным загадаў летась кіраўнік краіны. Вось толькі, каб усё зрабіць правільна, неабходна ўнесці змены ў Канстытуцыю. Каб не было, як заўважае старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, “прававой невыразнасці”.



“У сувязі з гэтым Канстытуцыйны суд мяркуе, што на канстытуцыйным узроўні неабходна замацаваць статус Вярхоўнага суда як вышэйшага судовага органа, які ўзначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі”, — тлумачыць сітуацыю Міклашэвіч.



Што азначае — Канстытуцыю будуць мяняць? Але калі і якім чынам, калі рэферэндум не плануецца? Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ні пра які рэферэндум не ведае. Пра што яна і заявіла Еўрарадыё. Па тлумачэнні звяртаемся ў Канстытуцыйны суд.



“Гэтае пытанне закраналася і ў пасланні Канстытуцыйнага суда прэзідэнту і парламенту. І пасланне гэта ў самы бліжэйшы час будзе апублікаванае. Зможаце пачытаць”, — так “адказвае” Еўрарадыё прадстаўнік Канстытуцыйнага суда.


“Я зразумеў (са слоў старшыні Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча. — заўв. Еўрарадыё) толькі тое, што спачатку прынялі дэкрэты і ўказы, якія не ўзгадняюцца з Канстытуцыяй, а зараз ставяць пытанне пра тое, што трэба мяняць Канстытуцыю. Такая паслядоўнасць рашэнняў не зусім нармальная. Усе дэкрэты носяць часовы характар. Але гэты “часовы характар” цягнецца гадамі — пачынаючы з 1997 года некаторыя дэкрэты працуюць”, — не знаходзіць адказу на пытанне, як выканаць загад кіраўніка краіны і не “пакрыўдзіць” Канстытуцыю, і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў.


Каб прэзідэнцкія дэкрэты запрацавалі, іх мусіць ухваліць парламент. Як даведалася Еўрарадыё, “судовага дэкрэта” дэпутаты яшчэ не бачылі. Але намеснік старшыні камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Чаравач лічыць гэта “чыста тэхнічным пытаннем”.


Уладзімір Чаравач: “Сістэма засталася: гаспадарчыя, а зараз гэта — эканамічныя суды, не ліквідаваныя, як функцыянавалі, так і функцыянуюць. Іншая справа, перападпарадкаваныя Вярхоўнаму суду. Тут чыста тэхнічнае пытанне — больш юрыдычнай тэхнікі, чым існасці, сэнсу”.


А неабходныя змены ў Канстытуцыю ўнясуць. З часам.


Уладзімір Чаравач: “Сказаць, што гэта будзе заўтра ці паслязаўтра, я не гатовы. Але тое, што гэта будзе, дык яно сапраўды будзе — гэтага і Канстытуцыя патрабуе”.


Дэпутат не выключае, што “судовы рэферэндум” могуць правесці падчас… прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Фота: Змітра Лукашука, www.svaboda.org