Ад кітайскага каранавіруса памёрлі 490 чалавек
Ад пнеўманіі, выкліканай каранавірусам 2019-nCoV, у Кітаі памёрлі ўжо 490 чалавек, 892 былі вылечаныя. Такую статыстыку на раніцу 5 лютага паведамляе Дзяржаўны камітэт па ахове здароўя Кітая.
Колькасць захварэлых, па звестках медыкаў, дасягнула 24 324 чалавек.
За межамі Кітая вірус зафіксаваны ў 25 краінах. Такія выпадкі адзначаныя ў Таіландзе (25 чалавек), Сінгапуры (24), Японіі (22), Паўднёвай Карэі (16), Германіі (12). У ЗША і на Тайвані зарэгістраваныя па 11 выпадкаў, Малайзіі — 10, В'етнаме — 8, Францыі — 6, ААЭ — 5, Канадзе — 4, Індыі — 3. У Расіі, Вялікабрытаніі, Італіі ды на Філіпінах выяўленыя па два выпадкі заражэння каранавірусам, а ў Фінляндыі, Камбоджы, Непале, Бельгіі, Іспаніі, Швецыі ды Шры-Ланцы — па адным.
Сусветная арганізацыя здароўя заявіла, што распаўсюд кітайскага каранавіруса знаходзіцца на стадыі эпідэміі, але пра пандэмію (эпідэмію сусветнага маштабу) казаць пакуль рана.
У Беларусі выпадкаў заражэння няма. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка даў свае парады па прафілактыцы захворвання: "Мыйце рукі, менш абдымайцеся з незнаёмымі людзьмі на вуліцы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.