Ад каранавіруса памерла больш за 720 чалавек
У Кітаі ад каранавіруса памерла 722 чалавека. Амаль 35 тысяч жыхароў заразілася гэтай хваробай, паведамляе tut.by. Кітайскія вучоныя дагэтуль не могуць сказаць, што менавіта стала прычынай з’яўлення інфекцыі.
За апошні час каранавірус выйшаў за межы КНР і трапіў у іншыя краіны, дзе заразіліся людзі: у Сінгапуры — 30, у Тайландзе і Японіі— 25, у Паўднёвай Карэі — 24, на Тайвані — 17, у Аўстраліі — 15, у Германіі — 13, ЗША і Малайзіі — па 12, у В'етнаме — 10, Канадзе — 7, Францыі — 6, ААЭ — 5, у Індыі, Італіі, Вялікабрытаніі і на Філіпінах —па 3, Расіі — 2, у Камбоджы, Непале, Бельгіі, Іспаніі, Фінляндыі, Швецыі і Шры-Ланцы — па 1.
У Беларусі больш за 500 чалавек прайшлі абследаванне на каранавірус. Хвароба не падцвердзілася. 7 лютага стала вядома, што кітайскіх студэнтаў, якія вяртаюцца з навагодніх святкаванняў у Беларусь, будуць на 14 дзён ізаляваць у аздараўленчым лагеры “Брыганціна” пад Мінскам. Падчас знаходжання ў каранціне за грамадзянамі Кітая будуць сачыць медыкі.
Па звестках Міністэрства адукацыі, цяпер у Беларусі навучаюцца каля 5 тысяч студэнтаў з Кітая. На вакацыі за межы краіны выехалі 920 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.