З’явілася новая статыстыка па даўжыні пенісаў. Вынік беларусаў занізілі

Часам банан гэта проста банан

Часам банан гэта проста банан / Unsplash

World Population Review апублікаваў рэйтынг краін паводле даўжыні пенісаў за 2025 год. Паводле дадзеных партала, у беларускіх мужчын паказчык у эрэкцыі — 14 сантыметраў, столькі ж, колькі ў славенцаў і македонцаў.

У гэтым рэйтынгу ўсе суседзі апярэджваюць Беларусь: у расіян і ўкраінцаў даўжыня нібыта складае 14,2 см, у літоўцаў — 14,6 см, а ў палякаў — 15,4 сантыметра.

У папярэдніх рэйтынгах беларусы перасягалі многіх суседзяў па памерах чэлеса, хаця тады нам "намерылі" 13,8 см — на 2 мм менш, чым у 2025-м.

Лідарамі рэйтынгу з’яўляюцца Судан і ДР Конга (17,9), а таксама Эквадор (17,6). Апошняе месца займае Тайланд (9,43).

Аднак метадалогія самага вядомага сусветнага рэйтынгу пенісаў да канца незразумелая і таму выклікае сумневы.

Як вымяраць пеніс — ніхто дакладна не ведае, нават навукоўцы

Дакладнасць вымярэння сярэдняй даўжыні пеніса застаецца складанай задачай праз адсутнасць стандартнага метаду і ўплыў мноства фактараў. Даследаванні паказваюць, што многія мужчыны схільныя завышаць даўжыню свайго пеніса ў самастойных адказах з-за сацыяльнага ціску і жадання адпавядаць стэрэатыпам мужнасці.

У навуковых даследаваннях часта выкарыстоўваюцца вымярэнні ў стане эрэкцыі або ў выцягнутым стане, бо яны найбольш дакладна адлюстроўваюць даўжыню пры ўзбуджэнні. Аднак розніца ў метадах вымярэння, напрыклад, ад скуры лабка ці ад лабковай косткі, дадае дадатковую варыятыўнасць у любую падобную статыстыку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.