ЗША знялі свае санкцыі з беларускага калію: што далей?
Сцэнары развіцця сітуацыі / Славкалий
ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію. Гэта стала магчымым пасля вызвалення 123 палітзняволеных 13 снежня 2025 года. Колькі можа зарабіць Беларусь?
На думку эканаміста Льва Львоўскага, выказаную ім у каментары "Люстэрку", само па сабе зняцце санкцый не дазволіць Беларусі зарабіць умоўны мільярд долараў.
— Хутчэй за ўсё, можа ісці гаворка пра мільёны, магчыма, пра дзясяткі мільёнаў. Усё залежыць ад таго, якія аб’ёмы калію мы зможам адгружаць праз нейкі порт Ленінградскай вобласці Расіі. Але цяпер з’явіцца магчымасць прадаваць яго на крыху больш маржынальныя рынкі. Напрыклад, замест Індыі — у ЗША. Аднак калій у Індыі не каштуе ў разы танней, чым у Штатах. То-бок так, нешта мы выйграем, але я б не сказаў, што гэта неймаверная перамога, — сцвярджае Львоўскі.
Украінскі аналітык Ігар Тышкевіч бачыць сцэнар здзелкі Лукашэнкі з ЗША вакол новага горна-абагачальнага камбіната "Нежынскі".
На думку эксперта, аб’ёмы здабычы калію там могуць складаць каля 2,5 мільёна тонаў — гэта прыкладна тыя самыя аб’ёмы, якія Злучаныя Штаты Амерыкі імпартуюць з Канады.