Зоаабаронцы напісалі заяву на мужчыну, у якога дома на канапе памёр лось

Загінулы лось

Загінулы лось / "Вечерний Бобруйск"

Зоаабаронцы напісалі ў міліцыю заяву на жыхара Бабруйска, у дом якога ўварваўся лось і памёр там. Яго абвінавацілі ў жорсткім абыходжанні з жывёлай.

Інцыдэнт адбыўся 25 траўня. Лось разагнаўся, прабіў акно на першым паверсе дома сяргея Вароніча і апынуўся ў кватэры. Ён бегаў па пакоях, моцна параніўся аб шкло, лёг на ложак і памёр праз некалькі гадзін ад страты крыві.

Падставай для заявы стала відэа, якое з’явілася ў TikTok (цяпер яго журналістам выявіць не ўдалося — магчыма, яго выдалілі). На ім мужчына, як сцвярджаюць зоаабаронцы, цягне мёртвага лася за ногі праз двор, а потым пінае яго ў галаву.

Аўтарка паста пад нікам @priyut_dobrodetel_blr назвала гэта актам жорсткасці. Таксама яна абурылася, што ўсё адбывалася на вачах у дзяцей — на яе думку, гэта можа сфармаваць у іх "мадэль жорсткіх паводзін".

Пра заяву зоаабаронцаў гаспадары дома даведаліся ад следчага, які прыйшоў іх апытаць. Пра гэта гаспадыня дома Наталля расказала ў каментары выданню "Моцныя навіны". Таксама ім паказалі відэа. Паводле жанчыны, яно знятае здалёк — прыкладна са 100 метраў і падпісанае як "Гаспадар дома штурхнуў мёртвага лася, але яго можна зразумець".

Наталля кажа, што лось важыў каля 300 кілаграмаў, у адзіночку яго цягнуць не змог бы нават дарослы мужчына. На відэа трапіў момант, дзе муж падцягвае жывёлу ў брамцы, калі ўжо ўсе выйшлі. Наконт руху нагі Наталля кажа, што гэта не ўдар па галаве жывёлы — муж проста адсунуў нагой камень, што звычайна падпірае дзверы.

Таксама бабруйчанка дадае, што іх дзеці падчас гэтай сітуацыі былі ў суседзяў. Яна бачылі, як лось уварваўся ў пакой праз акно, і былі сур'ёзна напалоханыя. Але суседскія дзеці з усёй вуліцы збегліся паглядзець, што адбываецца.

Наталля задаецца пытанне да зоаабаронцаў: "Калі так перажываюць за лася, чаму нікуды не паскардзіліся, што ён тры гадзіны сцякаў крывёй?" Сям'я бабруйчан нават разглядаюць магчымасць сустрэчнай заявы — за паклёп, але пакуль што, маўляў, не да таго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.