"Знахабіліся і карыстаюцца" — ідэолаг сказаў, чаму мігранты лепшыя за беларусаў

Рабочы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Беларускія работнікі пачынаюць паводзіцца празмерна вольна, бо вакансій шмат, а працоўных рук мала. Пра гэта заявіў намеснік гендырэктара Аршанскага льнокамбіната па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Сяргей Сідзін.
"Цяпер прывольнае становішча на рынку працы, калі попыт перавышае ў некалькі разоў прапанову па некаторых прафесіях. Гэта вельмі расхалоджвае нашых работнікаў", — прыводзіць выданне orsha.eu словы Сідзіна.
Ідэолаг паведаміў, што працадаўцы вымушаныя браць на працу людзей з кепскай характарыстыкай, бо няма кім запаўняць вакансіі. "Чым даўжэй гэта працягваецца, тым больш нахабна паводзяць сябе такія нядбайныя супрацоўнікі", — заявіў Сідзін.
Для выпраўлення сітуацыі ідэолаг не прапануе спыніць палітычныя рэпрэсіі ды запрашаць назад палітуцекачоў. Ён бачыць выйсце ў тым, што замест "дрэнных" беларусаў прыедуць "добрыя" замежнікі — добрасумленныя і дысцыплінаваныя. На думку Сідзіна, яны будуць "дысцыплінаваць і нашых работнікаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.