Стала вядома, колькі гамельчукоў запісалі ў "дармаеды"

Гомельскія "дармаеды", якіх выклікалі на прафілактычнае мерапраыемства / newsgomel.by
Жыхароў Беларусі, "не занятых у эканоміцы", масава выклікаюць ў міліцыю на прафілактычныя гутаркі. У Гомелі афіцыйныя рэсурсы са спасылкай на міліцыю назвалі колькасць гараджан з двух раёнаў абласнога цэнтра, якіх улады залічылі ў "дармаеды", заўважыў "Флагшток".
У Савецкім раёне Гомеля, самым шматлікім, па стане на 1 траўня 2025 года налічылі каля 10 тысяч "дармаедаў". Паводле апошніх апублікаваных даных, у гэтым раёне пражывае 156,7 тыс. чалавек. У сярэднім доля працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце (у тым ліку жанчыны ў дэкрэтным адпачынку і людзі з інваліднасцю) складае 61,6% усяго насельніцтва. З гэтага вынікае, што працаздольнае насельніцтва раёна складае 96,5 тыс. чалавек.
10 тысяч — гэта 10,3% ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва раёна.
Раней таксама называлася афіцыйная колькасць "дармаедаў" у Цэнтральным раёне Гомеля — больш за 6 тыс. чалавек. Паводле падлікаў "Флагштока", сярод працаздольнага насельніцтва Цэнтральнага раёна "дармаеды" складаюць каля 8,6% (насельніцтва раёна — 113,6 тыс. чалавек, з іх прыкладна 70 тыс. — працаздольнага).
Звестак пра колькасць "дармаедаў" у Чыгуначным і Навабеліцкім раёне няма. Але калі ўзяць сярэднюю долю "не занятых у эканоміцы" ў Гомелі за 9%, атрымаецца, што "дармаедамі" ўлады лічаць прыкладна 27,8 тыс. гамельчукоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.