Злачынная група прымушала людзей браць крэдыты, а грошы забірала сабе

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў адносінах арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала на Міншчыне. Зламыснікі прымушалі людзей браць крэдыты, а грошы забіралі. Група складалася з пяці маладых людзей (кіраўніку 22 гады, раней ён неаднаразова трапляў пад суд), якія нідзе не працавалі.

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, пацярпелымі прызналі 29 чалавек. Браць крэдыты і аддаваць грошы іх прымушалі з дапамогай пагроз, фізічнага гвалту і нават абмежавання свабоды. Зламыснікі выкарыстоўвалі пісталеты, падобныя на баявую агнястрэльную зброю, электрашокер і кайданкі.

Агулам грамадзянамі ў жніўні-лістападзе 2013 года было аформлена грашовых крэдытаў на суму каля 300 мільёнаў рублёў. У канцы восені мінулага года ўдзельнікі злачыннай групы былі затрыманыя. Ім выстаўленыя абвінавачанні ў вымагальніцтве, махлярстве, выкраданні чалавека, незаконным пазбаўленні волі ды іншыя. Неўзабаве матэрыялы справы перададуць у суд.

Здымак з архіву. Фота — Fotolia