Жыхарку Віцебшчыны асудзілі на восем год за забойства сужыцеля

У Віцебску завяршыўся суд над жанчынай, якая забіла свайго сужыцеля і парэзала нажом брата. 39-гадовая жыхарка гарадскога пасёлка Руба здзейсніла злачынства, калі была нецвярозай. 5 студзеня яна выпівала разам са сваім братам у яго доме. Падчас застолля здарылася сварка — жанчына ўдарыла брата пустой бутэлькай па галаве, а потым нанесла сваяку некалькі парэзаў нажом. Міліцыянты прыбылі на месца здарэння і склалі на скандалістку пратакол, але траўмы, нанесеныя сваяку, былі лёгкімі, таму жанчыну адпусцілі.

На наступны дзень яна вырашыла адзначыць сваё вызваленне — знайшла ля крамы кампанію і распіла з прыяцелямі бутэльку віна. Затым яна “здымала стрэс” дома з сужыцелем, а далей — гуляла па пасёлку. Дадому вярнулася позна, з-за чаго сужыцель учыніў скандал. Нецвярозая жанчына двойчы ўдарыла яго нажом — другі ўдар трапіў у сэрца.

Ёй прызначылі 8 год і 1 месяц калоніі агульнага рэжыму і прымусовае лекаванне алкагалізму, паведамляе БЕЛТА.

Фота з архіву