Жыхар Гродна прынёс у міліцыю штраф за порна, “выпісаны” махлярамі

Але мужчына не ўмеў карыстацца плацёжнымі сістэмамі ў інтэрнэце, таму прыйшоў у міліцыю з пашпартам і звычайным грашыма. Ён быў гатовы афіцыйна заплаціць за прагляд порнасайта.

На гэтым тыдні з падобнай праблемай да праваахоўнікаў звярнуліся некалькі дзясяткаў пацярпелых. Начальнік аддзелу па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Гродзенскай абласной міліцыі Сяргей Чарняк заяўляе: ні ў якім разе не трэба плаціць махлярам, варта захоўваць спакой і не паддавацца на правакацыі. Паводле спецыяліста, ёсць звесткі, што інтэрнэт-махляры падманулі беларусаў болей як на 40 мільёнаў рублёў.

Ахвярам зламыснікаў рэкамендуюць запісаць адрас старонкі і нумар электроннага кашалька, у залежнасці ад выкарыстанага браўзера проста зачыніць укладку з адлюстраванай старонкай або зачыніць браўзер. Калі гэта немагчыма, то завяршыць працэс браўзера, выйшаўшы на працоўны стол (клавішы Win+D), або праз дыспетчар задач (выклікаецца спалучэннем клавішаў Ctrl+Alt+Delete). У выпадку вострай неабходнасці можна звярнуцца да больш дасведчанага карыстальніка, правесці поўную праверку кампутара з выкарыстаннем антывіруса. Адрас старонкі і нумар кашалька, на які махляры патрабуюць перавесці грошы, трэба паведаміць у міліцыю, інфармуе БелаПАН.