Жыхар Быхава выманіў у дзіцячай бальніцы, банка мільярды рублёў

Гендырэктар адкрытага акцыянернага таварыства "Сэрвіс Тэк Кампанія" махлярскім чынам завалодаў грашовымі сродкамі ў асабліва буйным памеры. У адносінах 30-гадовага жыхара Быхава распачалі крымінальную справу. Мужчыну абвінавачваюць не толькі ў махлярстве, але і ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ды падробцы дакументаў. Вядома, што раней мужчына неаднаразова быў асуджаны за наўмысныя злачынствы, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта.

Кіраўнік прадпрыемства выйграваў тэндэры і заключаў дамовы на выкананне генпадрадных будаўніча-мантажных работ. Пры гэтым ён падрабляў дакументы, з якіх вынікала, што ААТ мае і дастатковую колькасць кваліфікаваных рабочых і неабходнае будаўнічае абсталяванне. А гэта не адпавядала сапраўднасці. Гендырэктар ад самага пачатку не збіраўся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы.

На рахунак "Сэрвіс Тэк Кампаніі" Магілёўская абласная дзіцячая бальніца пералічыла ў якасці авансу 125 млн рублёў, прадпрыемствы "Бабушкина крынка" і "Камунальнік" — па 1 млрд рублёў. Гэтыя грошы жыхар Быхава скраў. З дапамогай падробленых дакументаў ён атрымаў крэдыт у "Белаграпрамбанку" — 884 млн рублёў. У справе ёсць і іншыя эпізоды злачыннай дзейнасці. Агулам ён незаконна завалодаў 3 млрд рублёў.

Зламыснік знаходзіцца пад вартай. Яго крымінальная справа складаецца з 40 тамоў. Іх ужо перадалі ў пракуратуру, неўзабаве можна чакаць суд.


Здымак з архіву. Фота: ria.ru