Журналістку Палынскую разам з дачкой узялі пад варту — Хрысціянская візія

Ціна Палынская / facebook.com/tinka.assol
Полацкую журналістку Ціну Палынскую і яе 22-гадовую дачку Маргарыту ўзялі пад варту.
Палынская перастала выходзіць на сувязь з канца траўня. Цяпер стала вядома, што яе са старэйшай дачкой трымаюць у СІЗА №2 у Віцебску, піша "Хрысціянская візія". У Ціны Палынскай таксама ёсць малодшая дачка — ёй 14 гадоў.
Падрабязнасці абвінавачвання афіцыйна не паведамляюцца. Паводле ўскосных прыкметаў, затрыманне можа быць звязанае з рашэннем КДБ прызнаць "Беларускую аналітычную майстэрню" (БАМ) прафесара Андрэя Вардамацкага экстрэмісцкім фармаваннем. Гэтая арганізацыя, створаная і зарэгістраваная ў Польшчы, праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян.
Вядома, што ў іншых людзей, якіх апытвалі ў рамках сацыялагічных даследаванняў майстэрні, сілавікі праводзілі ператрусы і канфіскацыю тэхнікі.
На гэты момант няма ніякіх пацвярджэнняў, што Ціна ці яе дачка сапраўды ўдзельнічалі ў даследаваннях БАМ. Зрэшты, сама сацыялагічная майстэрня атрымала такі статус у пастанове КДБ, датаванай 16 траўня 2025 года і апублікаванай толькі 21 траўня. Калі Палынская ці яе дачка кантактавалі з БАМ, гэта было яшчэ да "экстрэмісцкага" статусу арганізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.