Праваабаронцы прагназуюць узмацненне рэпрэсіўнага ціску ў Беларусі

Праваабаронцы мяркуюць, што рэпрэсіі ў Беларусі будуць нарастаць, архіўнае фота
Цягам бліжэйшага года рэпрэсіўны ціск у Беларусі будзе ўзрастаць. Да такіх высновай прыйшлі праваабаронцы Беларускага Хельсінкскага Камітэта ў сваім дакладзе. У ім вывучаюцца трэнды дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі.
У прыватнасці, у БХК адзначаюць павелічэнне ўвагі да ідэалогіі. Улады ўводзяць індывідуальную адказнасць кіраўнікоў арганізацый за якасць "ідэалагічнай працы". Бліжэйшым часам, на думку праваабаронцаў, рэпрэсіўны ціск на працоўных месцах і ў адукацыі будзе толькі ўзмацняцца.
Дзеля палітычнага пераследу пачалі выкарыстоўваць статус сацыяльна-небяспечнага становішча сям'і. Ад 2025 года сям'ю могуць паставіць на ўлік як нядобранадзейную за тое, што бацькоў прыцягвалі да адказнасці па палітычных артыкулах.
Пашыраецца ўжыванне крымінальнага артыкула "Здрада дзяржаве". Раней да адказнасці паводле гэтага артыкула прыцягвалі былых вайскоўцаў і сілавікоў. Аднак нядаўна стала вядома пра крымінальную справу паводле гэтага абвінавачання супраць экспертаў, якія праводзілі даследаванні пра COVID-19 і інтэграцыю РБ з ЕС на заказ замежных арганізацый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.