Затрыманні і ціск: як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій

Былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў / Калаж

Былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў / Калаж / Euroradio

Увесну ў Беларусі паведамлялася пра затрыманне шэрагу аўтараў беларускай Вікіпедыі. Выпадкі затрыманняў здараліся і ў папярэднія гады. Некаторых асобаў нават уносілі ў спісы “экстрымістаў”.

Пра тое, чаму ўлады змагаюцца з аўтарамі Вікіпедыі і як цяпер абнаўляецца самая папулярная анлайн-энцыклапедыя, Еўрарадыё пагутарыла з яе рэдактарам, які папрасіў застацца ананімным.

Варта нагадаць, што Беларуская Вікіпедыя ўключае ў сябе дзве старонкі на беларускай мове: паводле афіцыйнага правапісу і класічнага. А таксама беларусы з’яўляюцца аўтарамі і рускамоўнай старонкі.


Правы на рэдагаванне ў затрыманых адміністратараў “замарожаныя”

Рэдактар беларускай Вікіпедыі кажа, што затрыманні двух адміністратараў не прывялі да “паралічу працы раздзела” і старонка “працягвае функцыянаваць у звыклым рэжыме”.

— Нашая суполка не такая вялікая, але дастатковая, каб страта двух рэдактараў не мела крытычнага ўплыву, людзі пастаянна прыходзяць і пакідаюць праект. Калі паглядзець на тое, хто пісаў артыкулы 15 гадоў таму, 7 гадоў таму і сёння, то гэта будуць пераважна розныя людзі. Таму тут бы не было нічога трагічнага, калі б мы не ведалі, што двое адміністратараў раздзела не пішуць толькі таму, што былі затрыманыя.

Трэба патлумачыць, што адміністратары ў Вікіпедыі не з’яўляюцца кіраўнікамі сваіх раздзелаў, яны маюць пашыраныя правы, але не маюць ніякіх прывілеяў над іншымі. І часта сцяг адміністратара выдаецца дасведчаным старажылам, а таму іх актыўнасць у прынцыпе не самая вялікая.

Затрыманні і ціск: як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій
Unsplash

Расійскі рэжым, які ў адрозненне ад беларускага, мае выразную дзяржаўную ідэалогію — ідэалогію “рускага свету” — меў надзею на тое, што ў Вікіпедыі яны яшчэ змогуць перамагчы. Пасля 2022 года стала зразумела, што гэта не так, бо ніхто ў свеце не падзяляе ідэалогію “рускага свету”.

Рэжымы аказаліся ў сітуацыі поўнай маргіналізацыі, калі неразбуральнымі для іхніх ідэалагічных міфаў з’яўляецца толькі кантэнт, які яны самі і стварылі. Пачалася самаізаляцыя ў выдуманым свеце, адмяжоўванне ад любых знешніх уплываў — і Вікіпедыя ў гэтай сітуацыі сапраўднае бяльмо на воку. Нягледзячы на гэта Вікіпедыю ўсё яшчэ не заблакавалі, настолькі яна ўнікальная і непаўторная ў сваім харастве.

Рэдактар звяртае ўвагу, што папярэднія затрыманні вікіпедыстаў у Беларусі былі звязаныя з артыкуламі пра агрэсію Расіі супраць Украіны, якія знешнія сілы спрабавалі перапісаць у прарасійскім ключы, і пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

— Што прыцягнула ўвагу гэтым разам цяжка зразумець. Першым знік ужо згаданы Kazimier Lachnovič, з аднаго боку, знайсці “за што” у яго выпадку вельмі проста — дастаткова заглянуць у артыкул “Беларусь”.

З іншага боку, няма ніякіх доказаў, што ён да ўсяго гэтага наўпрост датычны, а таксама сапраўдная асоба рэдактара невядома — выйсці на яго, проста пачаўшы капаць у старонках Вікіпедыі, немагчыма. Калі ён затрыманы, а мы дагэтуль дакладна не ведаем пра гэта, то першапачатковай прычынай стала нешта іншае, а даведацца пра дзейнасць у Вікіпедыі маглі ўжо апасля.

Затрыманні і ціск: як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій
Unsplash

— Пісаць у Вікіпедыю ўсё яшчэ бяспечна, але калі вы не знаходзіцеся ў бяспечным месцы, лепш рабіць гэта не пад сваім імем і не дадавацца ў тэматычныя суполкі ў сацсетках. Гісторыя правак амаль усіх артыкулаў на адчувальныя палітычныя тэмы схаваная так, што доступу да яе няма нават у адміністратараў. Перад тым, як пісаць артыкул на палітычную тэму, лепш пераканацца, што на ім ёсць такая надзвычайная абарона.


Як цяпер выглядае супольнасць беларускіх вікіпедыстаў?

Па словах ананімнага рэдактара, усяго ў Беларускай Вікіпедыі робяць хоць бы адну праўку ад 250 да 300 удзельнікаў, але актыўна пішуць толькі каля 20.

— Роўна столькі было ў траўні гэтага года, у красавіку і сакавіку — 18 і 21 адпаведна. Гэтыя лічбы мала змяняліся аж з пачатку 2015 года, хоць колькасць і якасць артыкулаў паляпшаецца. У 2010 годзе нас было ўвогуле 6-8 чалавек. Праўда, з канца 2022 года пачала змяншацца колькасць правак у раздзеле, але гэта звязана з тым, што гіперактыўныя ўдзельнікі у сілу жыццёвых падзей значна скарацілі свой удзел у Вікіпедыі, але не пакінулі яе, а таксама з тым, што з’явілася больш магчымасцей адразу пісаць правільна, а не выпраўляць па адной памылцы за кожную праўку.

У Вікіпедыі альтэрнатыўным правапісам усяго 5-6 актыўных удзельнікаў, у 2010 годзе іх было ў два-тры разы болей. Куды больш беларускіх вікіпедыстаў пішуць у Рускую Вікіпедыю, але мы пра іх нічога не ведаем, бо на сёння звесткі пра гэта, з меркаванняў бяспекі ўдзельнікаў, схаваныя.

Агулам можна сказаць, што ў Вікіпедыі ў цэлым назіраюцца крызісныя з’явы: статыстыка паказвае, што ў праект прыходзіць усё менш новых удзельнікаў — каля паловы ўсіх удзельнікаў (і чым меншы раздзел, тым большая доля) складаюць рэдактары са стажам больш за 9 гадоў. Адносна маладой застаецца толькі найбуйнейшая англійская Вікіпедыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.