Ціханоўская перадала заснавальніку Вікіпедыі прапановы беларускіх вікіпедыстаў

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з заснавальнікам Вікіпедыі Джымі Вэйлзам / прэс-служба Ціханоўскай
Падчас форуму ў Давосе Святлана Ціханоўская сустрэлася з заснавальнікам Вікіпедыі Джымі Вэйлзам. Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў перадала яму шэраг прапановаў, распрацаваных беларускай вікі-супольнасцю, паведамляе прэс-служба палітыка.
Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць удзелу беларускіх вікіпедыстаў у мерапрыемствах Wikimedia Foundation. У адказ Вэйлз пацвердзіў, што запросіць іх на канферэнцыю Wikimania, каб яны маглі падзяліцца сваім досведам. Таксама была дасягнутая дамоўленасць пра пашырэнне кантактаў паміж беларускай вікі-супольнасцю і Wikimedia Foundation для развязання ключавых пытанняў і пашырэння падтрымкі.
Акрамя таго падчас сустрэчы абмеркавалі праблему прыярытэту рускамоўных артыкулаў у пошукавых сістэмах, што абмяжоўвае бачнасць беларускамоўнай Вікіпедыі, і пытанні бяспекі беларускіх вікіпедыстаў ва ўмовах рэпрэсій і магчымасць іх падтрымкі праз супольныя праграмы.
Пад канец размовы Ціханоўская падзякавала Вэйлзу за тое, што ў Вікіпедыі вырашылі выкарыстоўваць назву "Беларусь" замест "Белоруссия".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.