Назву нашай краіны памянялі ў рускамоўнай Вікіпедыі

У Вікіпедыі "Беларусь" перамагла "Белоруссию"

У Вікіпедыі "Беларусь" перамагла "Белоруссию" / @zlobezumie/Х

У рускамоўнай Вікіпедыі артыкул пра нашу краіну памяняў назву — замест "Белоруссия" ён цяпер называецца "Беларусь".

Барацьба за перайменаванне вялася некалькі гадоў. У выніку рэдактары рускамоўнай Вікіпедыі стварылі спецыяльную працоўную групу, якая занялася гэтым пытаннем. Яе ўдзельнікі правялі маштабнае даследаванне, прааналізаваўшы згадкі Беларусі ў рускамоўных СМІ, навуковых працах ды іншай літаратуры.

Выявілася, што з 2012 года ў самых буйных расійскіх СМІ часцей выкарыстоўваюць назву "Белоруссия", але ў астатніх — "Беларусь". Па агульнай колькасці згадак у навінах пераважае другі варыянт. Ён жа займае першае месца ў навуковых артыкулах на рускай мове. А ў дысертацыях і друкаванай літаратуры абедзве формы выкарыстоўваюцца раўнамерна.

Працоўная група рэкамендавала перайменаваць артыкул у "Беларусь". Перайменаванне "Белоруссии" ў "Беларусь" адбылося яшчэ не ва ўсіх артыкулах рускамоўнай Вікіпедыі, але ў асноўным артыкуле назва цяпер даецца правільна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.