Аляксандр Лукашэнка заданаціў на палітвязняў?
Аляксандр Лукашэнка
Святлана Ціханоўская распавяла, куды падзела 15 тысяч еўра, якія ёй перадаў у жніўні 2020 года начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка.
— Вы казалі, што перададзіце іх на дабрачыннасць. Перадалі?
— Перадала. Перадала вось зараз пад гэты збор “Байсола”. Давайце разглядаць гэта як данат ад рэжыму нашым палітзняволеным.
Ціханоўская кажа, што некалькі гадоў не распавядала пра гэтыя грошы праз сорам.
— Яны мне гэтыя грошы ўручылі, і я памятаю, як выходзіла з гэтай кватэры і пакінула іх. А ён [імаверна, гаворка пра Андрэя Паўлючэнка. — Еўрарадыё] мне кажа: “Ты ж там грошы не забудзься?” А ты ж не разумееш, што можа здарыцца, калі ты іх не возьмеш.
Таму я разумею, што я была пад ціскам, што гэта іх інструменты, але сорам усе гэтыя 5 гадоў… Маўляў, ну як ты ўзяла.
Сёлета 6 жніўня прапагандысты паказалі сюжэт, у якім кіраўнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка перадае Ціханоўскай скрутак. Кадры былі знятыя на схаваную камеру 10 жніўня 2020-га ў кватэры Ціханоўскіх.
Лідарка дэмсіл сцвярджае, што ўсе пяць гадоў пасля выезду з Беларусі не дакраналася да скрутка і адкрыла яго толькі 6 жніўня 2025-га, пасля сюжэта АНТ. Паводле яе, там сапраўды быў канверт з 15 тысячамі еўра (а не доларамі, як казалі ў фільме прапагандыстаў).
Да выхаду сюжэта, паводле Ціханоўскай, канверт ляжаў “недзе за адзеннем”.
Вялікую гутарку са Святланай Ціханоўскай з вынікамі 2025 года глядзіце тут.