Заўтра ў Гомелі пачнуць разбіраць шматпавярховік, які пацярпеў ад выбуху газу
Панэлька ў Гомелі, што пацярпела ад выбуху газу / БелТА
Заўтра ў Гомелі пачнуць разбіраць шматпавярховік, які пацярпеў ад выбуху газу. Часова выехаць давядзецца і жыхарам суседніх дамоў.
"Вядома, усё будзе праходзіць пад кантролем. Але немагчыма на 100% спрагназаваць сітуацыю з панэлямі і будаўнічымі матэрыяламі", — тлумачыць старшыня гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
Пад'езд, у якім адбыўся выбух, разбяруць з дзясятага па пяты паверх. Гарадскія ўлады плануюць выканаць гэтыя працы за двое сутак.
Людзей на гэты час размесцяць у інтэрнатах. 29 жыхароў з пацярпелага пад'езда ўжо жывуць у гатэлі. Іх забяспечваюць гарачым харчаваннем. Дзецям набылі адзенне, школьныя прылады і канцтавары.
17-га снежня каля 13:00 на сёмым паверсе 10-павярховіка па вуліцы Косарава, 3, выбухнуў газ. У выніку абрынуліся перакрыцці паміж трыма паверхамі будынка. На месца здарэння прыбылі ратавальнікі і некалькі машын хуткай дапамогі, але, на шчасце, абыйшлося без ахвяраў.