Сірата з Паставаў зняў ролік, што яму не даюць жыллё — давялося выбачацца

Дзяніс Бубноўскі / "Першы інфармацыйны"
У Паставах сірата Дзяніс Бубноўскі не мог атрымаць жыллё, якое належыць яму паводле закону. Хлопец пайшоў са скаргай у райвыканкам і зняў свой паход на відэа. Ролік ён выклаў у TikTok. Але пасля гэтага яму давялося прасіць прабачэння на дзяржаўным тэлебачанні, заўважыла выданне "Зеркало".
Дзянісу Бубноўскаму 25 гадоў, у чарзе на атрыманне жылля ён стаіць з 2016 года. У гэтай чарзе ў яго цяпер 68-е месца. Хлопец зняў у роліку, як просіць чыноўнікаў вырашыць пытанне, а тыя адказваюць, што сацыяльнае жыллё ў раёне не будуюць. Замест яго Бубноўскаму прапануюць арэнднае жыллё, дзе трэба самому зрабіць рамонт. Хлопец, які жыве ў інтэрнаце, ад гэтага варыянту адмаўляецца.
Ролік Бубноўскага набраў амаль два мільёны праглядаў, і на яго звярнулі ўвагу прапагандысты. У сюжэце на дзяржканале "Першы інфармацыйны" заявілі, што "многія факты ў ім апынуліся скажоныя". Падчас інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу Бубноўскі фактычна быў вымушаны абвергнуць большасць сваіх сцвярджэнняў
"Я не разабраўся, што так хутка ўсё не робіцца. Гэта таксама трэба разумець. А я з бухты-барахты ўзяў камеру і пачаў усё здымаць. Я мог нагаварыць шмат усяго, а людзі могуць перафразаваць ў іншае. Я хачу сказаць, каб людзі на маім прыкладзе зразумелі, што трэба чытаць законы", — каментуе Бубноўскі ў гутарцы з дзяржаўнымі журналістамі.
Таксама сітуацыю пракаментавалі некалькі чыноўнікаў райвыканкама. Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Мікалай Даўмант заяўляе, што ўрэшце Бубноўскаму выдзелілі арэнднае жыллё.
@free200style SOS РАСПРОСТРОНИТЕ ЭТОТ РОЛИК #государство #власть #сирота #квартира #жкх #беларусь #тикток #поставы #витебск #минск ♬ Breaking News - DM Production
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.