Цана на катэдж экс-кіраўніка МУС знізілася з $4 мільёнаў да $750 тысяч

Дом сям'і Навумава ў Драздах / realt.by
У Драздах у Мінску знялі з продажу трохузроўневы катэдж, які быў аформлены на жонку былога міністра ўнутарных спраў Уладзіміра Навумава. Спярша яго прадавалі за 4 мільёны долараў, але на пачатку траўня кошт быў ужо істотна зніжаны.
На продаж катэдж, які належыць сям'і экс-міністра, быў выстаўлены ў канцы лютага. Тады за яго прасілі 12 млн 708 тысяч рублёў, або 4 мільёны долараў. Раней нерухомасць была зарэгістраваная на Алу Навумаву — жонку экс-кіраўніка Службы бяспекі Лукашэнкі і экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі. Сам Навумаў цяпер зарабляе грошы ў Марыупалі.
Як заўважыла выданне "Зеркало", прадаўцы паступова зніжалі цану на дом. Праз месяц, у канцы сакавіка за яго прасілі ўжо 6 млн 251,8 тысячы рублёў, або 2 мільёны долараў.
29 красавіка кошт знізіўся ўжо да 4 млн 124,7 тысячы рублёў, або 1 млн 350 тысяч долараў.
Чарговае істотнае зніжэнне цаны адбылося 3 траўня — да 2 млн 257,4 тысячы рублёў, або 750 тысяч долараў. А па стане на 18 мая дом ужо недаступны для пакупкі. Невядома, купілі яго нарэшце ці ўладальнікі вырашылі зняць лот з продажу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.