Магілёўца, які прасіў дапамогі ў рамонце даху, выселілі з дома

Просьба аб дапамозе ў рамонце даху / mogilev.online
Непрыемны фінал мела для магілёўца публічная просьба дапамагчы з рамонтам даху ў прыватным доме.
Дом пацярпеў падчас ліпеньскага ўрагану. Генадзь Зайцаў, які жыве ў ім, мае інваліднасць. Мужчына два месяцы беспаспяхова спрабаваў адрамантаваць дом, але дапамогі ад гарадскіх службаў не дачакаўся. Урэшце ён павесіў на дом транспарант з просьбай дапамагчы. Гісторыя набыла вялікі розгалас у інтэрнэце.
Праз некалькі дзён з выданнем "МогилевОнлайн" звязаліся сваякі мужчыны — яго пляменніца Ганна Будзіч, якая аказалася адной з шасці ўласнікаў дома. Яна заявіла, што Зайцаў зусім не з'яўляецца законным уладальнікам дома і жыве ў ім з яе дазволу. Жанчына пусціла сваяка па просьбе бабулі.
"Гэты чалавек без якіх-небудзь правоў і дакументаў там пражывае і не плаціць за камунальныя паслугі, як запэўнівае. Я думала, ён будзе аплачваць, а ў выніку я разграбала даўгі! Мне ўжо прыходзілі квітанцыі аб нявыплаце з пагрозамі суда. А пасля яго выступу мне пачалі тэлефанаваць з розных інстанцый і пытацца, хто такі Зайцаў і па якім праве ён пражывае па гэтым адрасе", — абурылася магіляўчанка.
Таксама яна сцвярджае, што мужчына перабольшвае сваю непрацаздольнасць, а яго калецтва — гэта некалькі страчаных некалі на працы фаланг пальцаў.
Паводле Ганны Будзіч, займацца рамонтам даху ўласнікі не планавалі, бо дом стаіць у чарзе на знос. "Плаціць за рамонт дома, які знясуць, каб там пажыў чужы мне чалавек, я таксама не хачу. У мяне няма лішніх грошай, а сама я жыву ў інтэрнаце. Тым больш бэкграўнд у гэтага чалавека вельмі нядобры: ён прынёс шмат болю сваёй сям'і і сваякам. У яго двое дарослых сыноў, але яны не хочуць яму дапамагаць", — пракаментавала жанчына.
Тым не менш дах пацярпелага дома ўсё ж адрамантавалі. Па словах магіляўчанкі, дапамаглі супрацоўнікі ЖЭУ, МНС і неабыякавыя беларусы.
Аднак самога Зайцава з дома вырашылі выселіць — такое рашэнне прынялі ўласнікі будынка. "Цяпер Генадзя Зайцава чакаюць праверкі, бо ён з'яўляецца дармаедам і не прыносіць карысці эканоміцы дзяржавы", — сказала пляменніца мужчыны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.