Затрымалі кур’ера махляроў, якія забіраюць грошы ў пенсіянераў

Пенсіярен, фота ілюстрацыйнае / pixabay.com
Міліцыя затрымала аднаго з кур’ераў тэлефонных махляроў, якія тэлефануюць беларускім пенсіянерам і падманам вымагаюць грошы. Але ён аказаўся толькі часткай схемы. Вялікую суму ашчаджанняў чарговай абманутай пажылай мінчанкі пакуль не ўдалося вярнуць.
Махляры патэлефанавалі 89-гадовай беларусцы і прадставіліся праваахоўнікамі. Яны дзейнічалі па адпрацаванай схеме: пераканалі жанчыну ў тым, што яе дачка стала вінаватай у ДТЗ.
"Той, хто тэлефанаваў, патлумачыў, што для вызвалення сваячкі ад крымінальнай адказнасці і аказання дапамогі пацярпеламу неабходная вялікая сума грошай", — расказываюць у міліцыі Мінска.
Пенсіянерка паверыла і перадала кур’еру 18,5 тыс. долараў ЗША і 12 тыс. еўра. Кур'ера ўдалося затрымаць, але грошы выратаваць не атрымалася — ён ужо перадаў іх іншаму ўдзельніку разгалінаванай схемы.
Мы падрабязна расказвалі, як працуе такая крымінальная схема, у гэтым матэрыяле.
Вядома, што для выканання гэтага "задання" кур’ер прыбыў з іншай краіны, там жа ён знайшоў і аб’яву аб "працоўным месцы". Гэтым разам міліцыя Мінска не называе дакладную геаграфію.
Раскажыце сваім сваякам пра гэтую распаўсюджаную схему падману.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.