За адсутнасць бульбы ў краме прапануюць увесці штраф да 200 базавых

Бульба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
За адсутнасць бульбы ў краме прапануецца ўвесці штраф — да 200 базавых велічыняў. Сёння базавая складае 42 рублі.
Адпаведны праект зменаў у адміністрацыйныя кодэксы ўнесла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская.
На мінулым тыдні быў падпісаны ўказ №232 "Аб асаблівасцях пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб". Згодна з ім, сярод гандлёвых сетак вызначаць нарыхтоўшчыкаў, якія змогуць атрымаць крэдыты на льготных умовах для авансавання паставак плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйных фондаў (бульбы, белакачаннай капусты, морквы, буракоў, рэпчатай цыбулі і яблыкаў).
Ва ўказе таксама адзначана, што непастаўка (ці недапастаўка) плодаагародніннай прадукцыі паводле дамовы і адсутнасць у нарыхтоўшчыка ў продажы такой прадукцыі "можа цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі".
Лянчэўская прапануе прапісаць адказнасць за пастаўку плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйных фондаў — штраф ад 5 да 12 базавых велічыняў, а для юрыдычнай асобы – ад 20 да 200 базавых.
Такім чынам, максімальны памер штрафу складзе 8400 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.