З-за 20-гадовага махляра з Маладзечна 100 чалавек сталі даўжнікамі

Праваахоўнікі ўзялі пад варту 20-гадовага жыхара Маладзечна, які займаўся махінацыямі з сотавымі тэлефонамі. У выніку даўжнікамі сталі больш за сто чалавек. З лістапада 2013-га да красавіка 2014 года малады чалавек схіляў грамадзян да пакупкі мабільных тэлефонаў у растэрміноўку. Ён сцвярджаў, што купляе іх для сябе, у адных выпадках абяцаў рабіць штомесячныя плацяжы, у іншых — што мае магчымасць выдаліць інфармацыю пра даўжнікоў з базы арганізацыі. Аднак абяцанага не выконваў. Людзей ён альбо пераконваў, альбо плаціў грошы.

У далейшым тэлефоны махляр перапрадаваў, а грошы траціў на асабістыя патрэбы. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя 104 чалавекі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, інфармуе "Інтэрфакс".

БелаПАН дадае, што страты ад дзейнасці зламысніка склалі каля 635 мільёнаў рублёў. Падчас следства палову гэтай сумы хлопец кампенсаваў. Ён застаецца пад вартай. 17 тамоў крымінальнай справы, распачатай па артыкуле "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры", перададзеныя ў пракуратуру для накіравання ў суд.