З пачатку вайны ва Украіне Расія страціла больш за 900 элітных спецыялістаў
З пачатку вайны ва Украіне Расія страціла больш за 900 элітных спецыялістаў. Гэта толькі пацверджаныя даныя, якія сабралі журналісты "Бі-Бі-Сі". Насамрэч страты могуць быць большыя. Агульнавайсковыя падраздзяленні расійскай арміі аказаліся не гатовыя да штурмавых дзеянняў, і тады ў бой былі кінутыя элітныя атрады.
На 1 верасня вядома пра гібель 151 вайскоўца спецназу ГРУ. Кожны чацвёрты з іх — гэта афіцэр. Загінулі 245 супрацоўнікў Расгвардыі. Большая частка з іх — супрацоўнікі падраздзяленняў асаблівага прызначэння (САХР, АМАП, атрады спецназу). Амаль у кожнага чацвёртага было афіцэрскае званне. З адкрытых крыніц вядома пра 20 загінулых супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі і Федэральнай службы аховы. Дэсантнікі складаюць пятую частку ідэнтыфікаваных расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне.
Адзначаецца, што на падрыхтоўку элітных спецыялістаў былі патрэбны гады і мільёны долараў. Аднавіць іх колькасць хутка не атрымаецца.
Тым часам Генштаб Украіны паведамляе, што, па яго даных, з пачатку вайны было знішчана 48,3 тысячы расійскіх вайскоўцаў.