З пачатку года кішэннікі ў Беларусі абакралі больш за тысячу чалавек
Пры гэтым больш за 70% такіх злачынстваў адбылося ў Мінску.
Пра гэта паведаміў старшы інспектар арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Павел Кульгавік.
“Часцей за ўсё кішэнныя злодзеі здзяйсняюць злачынствы ў асенне-зімовы перыяд, калі патэнцыйныя ахвяры апранутыя цёпла, таму адчувальнасць да рэчаў у іх зніжаная”, - цытуе Паўла Кульгавіка БЕЛТА.
У буднія дні кішэнныя крадзяжы адбываюцца, як правіла, у гадзіны пік, калі людзі едуць на працу або з працы ў грамадскім транспарце. У выходныя дні - крамы, гандлёвыя цэнтры, рынкі і іншыя месцы масавага знаходжання людзей. Выкрадаюцца ў асноўным грошы і мабільныя тэлефоны. Напрыклад, нядаўна ў сталіцы на рынку “Гандлёвыя рады” па Партызанскім праспекце з сумачкі злодзей скраў 7,6 мільёнаў рублёў.