Ёсць песня на верш Ціханоўскага — выйшаў новы альбом “Вольнага хора”

"Вольны хор" / "Вольны хор"
“Вольны хор” выпусціў новы альбом. Палова твораў — беларуская харавая спадчына, якая захоўвалася ў Скарынаўцы — беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане. Частка — сучасная музыка на творы беларускіх паэтаў. У тым ліку тых, хто быў растраляны падчас рэпрэсій у БССР, і сучаснікаў — напрыклад, Сяргея Ціханоўскага.
“Я знайшла скарб”
Мастацкая кіраўніца і дырыжорка Вольнага Хора Галіна Казіміроўская распавядае, што ўпершыню патрапіла ў Скарынаўку ў 2023 годзе.
“Было адчуванне, што я знайшла скарб, беларускае золата! Вярнулася адтуль з кіпай нот, дагэтуль мне невядомых, з імёнамі, пра якіх таксама нічога не чула”, — распавядае Казіміроўская.
Падчас гэтай працы яна адкрыла для сябе беларускага кампазітара Дзмітрыя Верасава, які быў вымушаны з’ехаць падчас другой Сусветнай вайны, жыў і працаваў у Нью Джэрсі. Казіміроўская называе яго нашым “Стравінскім, пра якога ніхто не ведае”.
“Некаторыя творы з архіву можна было браць і развучваць адразу, некаторыя патрабавалі апрацоўкі. Музыка павінна гучаць, а не пыліцца на паліцах, таму гэтая справа вельмі важная для мяне асабіста і для нашага хору”, — кажа Казіміроўская.
Чаму няма акадэмічных твораў на вершы расстраляных паэтаў?
Некалькі твораў для новага альбома Галіна стварыла самастойна. Сярод іх ёсць песні на вершы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Міхася Кавыля.
“Мяне даўно бянтэжыла адсутнасць акадэмічных музычных твораў на тэксты расстраляных паэтаў, я шукала, запытвалася ў іншых кампазітараў і неяк проста пачала пісаць сама. Я думаю прыйдзе час і з’явяцца буйныя творы мастацтва, прысвечаныя гэтым страшным падзеям і памяці аб іх: оперы, фільмы, музычныя цыклы”, — разважае кіраўніца хора.
У новым альбоме ёсць і твор на верш Сяргея Ціханоўскага. Калі ён ствараўся, палітык быў яшчэ ў турме. Верш пераклаў на беларускую мову Макс Шчур.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.