Як змяніліся цэны на кветкі ў Беларусі за год

Цана на кветкі ў Беларусі
14 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень маці. Традыцыйна галоўным падарункам для мам стануць кветкі. Еўрарадыё паглядзела, колькі каштуюць ружы або хрызантэмы ў інтэрнэт-крамах і як змяніліся цэны на кветкі за год.
“Розы. Бел”
У адной з самых вядомых кветкавых сетак Мінска кошты калі і падняліся, то ненашмат. Некаторыя пазіцыі нават сталі таннейшымі.
Так, букет з 25 руж "Брайтан" у 2024 годзе можна было купіць за 128,50 рубля, а цяпер такую ж кампазіцыю прадаюць за 133 рублі.

Букет "Прэстыж" за год стаў таннейшым на паўтара рубля: 107,50 рубля ў 2024 годзе супраць 106 рублёў у 2025-ым.
73,70 рубля летась каштаваў букет "Летні" з 19 руж, сёлета ён крыху падаражэў і каштуе 76,60 рубля.


79 рублёў у мінулым годзе каштаваў зборны букет з альстрамерый, куставых руж і гваздзікаў. За год ён падаражэў на 38 рублёў і цяпер каштуе 107 рублёў.
За 68 рублёў у мінулым годзе можна было купіць 11 кенійскі руж "Віўен", праз год кошты выраслі на 11 рублёў — цяпер іх прадаюць па 79 рублёў.


Букет з хрызантэм "Бігудзі пурпл 5" год таму можна было набыць за 140 рублёў, а сёлета кампазіцыя падаражэла і каштуе 150 рублёў.
Cvetok.by
У яшчэ адной інтэрнэт-краме цэны на многія букеты не змяніліся, але ёсць і тыя кветкі, якія сталі даражэй у параўнанні з мінулым годам.
Напрыклад, цэннік на букет "Віёла" застаўся ранейшым: 195 рублёў, як у мінулым годзе, так і ў гэтым.

Тая ж гісторыя і з букетам "Фларэнцыя" — 165 рублёў, за год кошт не змяніўся.
А вось букет "Цёплая ўсмешка" дадаў 39 рублёў: 123 рублі ў 2024-ым — і 162 рублі ў 2025-ым.
Тры тыдні таму на фоне закрыцця Польшчай памежных пераходаў з Беларуссю, у кампаніі Flowwow заявілі, што кветкі з Еўропы паедуць праз Літву.
На мяжы ўтварыліся вялікія чэргі, што падаўжае тэрміны дастаўкі і павышае кошт перавозкі, — паведамлялі ў кампаніі.
Як бачым, у некаторых крамах кошты і праўда моцна выраслі, але дзесьці яны засталіся на ранейшым узроўні ці нават сталі ніжэйшымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.