Сезон кірмашоў у Беларусі: параўноўваем цэны 2025 года з цэнамі 2024 года

Сезон кірмашоў у Беларусі: параўноўваем цэны 2025 года з цэнамі 2024 года / sb.by
У Мінску пачаўся сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. Там можна купіць гародніну, садавіну, мяса, яйкі і шмат іншых прадуктаў ад беларускіх фермераў і гаспадарак.
Еўрарадыё паглядзела кошты гэтага года і параўнала іх з коштамі 2024-га і з некаторымі коштамі 2021-га года.
Амаль уся гародніна стала танней
Нягледзячы на дэфіцыт і высокія цэны на бульбу вясной і летам, цяпер яе кошт прымальны — ад 0,90 да 1,10 за 1 кг. У мінулым годзе кіло каштавала 1 рубель. А ў 2021 годзе яна ў сярэднім каштавала 1,2 рубля. Як гэта ні дзіўна, але бульба стала трохі танней.
Сярэдняя цана на моркву таксама ўпала: сёлета яе прадаюць ад 1,27 до1,43 рублі за кіло, у 2024-ым яна каштавала каля 1,50 рубля. А чатыры гады таму яе можна было купіць за 1 рубель.
За кіло рэпчатай цыбулі сёлета на кірмашы просяць ад 1,27 да 1,50 рубля, летась яна каштавала даражэй — у сярэднім каля 2 рублёў. А ў 202-ым — адзін рубель.
Буракі прадаюць за 1,27 рубля, годам раней за іх прасілі 1,50 рубля. І зноў цана меншая. Чатыры гады таму гэтая гародніна каштавала адзін рубель
Ад 0,62 да 0,75 рубля на кірмашах ацэньваецца капуста, за год яна патаннела больш, чым у два разы — тады яна каштавала каля 1,50 рубля. У 2021 яе ў сярэднім прадавалі па рублю, што таксама танней, чым сёлета.

Цана на агуркі стартуе ад 3,50 рубля і можа даходзіць да 5,56 за 1 кг. Летась яны ў сярэднім каштавалі па 4 рублі. А чатырма гадамі раней — у сярэднім па 2,75 рубля за кіло.
А вось кабачкі ў параўнанні з мінулым годам падаражэлі: 2,38 рубля сёлета супраць аднаго рубля ў 2024-ым.
Памідоры каштуюць ад 3,17 рубля і да 5,30 рубля за кіло, у 2024-ым цэны на таматы пачыналіся ад 1,30 рубля да 6 рублёў.
Радыска таксама за год скінула ў кошце, цяпер за пучок патрабуюць парадку 4 рублёў, хоць год таму ў сярэднім каштавала 6.
Цэны на садавіну
Што з садавінай? За яблыкі цяпер просяць ад 4,63 да 6,50 за 1 кг, летась яны каштавалі значна танней — ад 0,70 да 3,50 рубля. У сярэднім дэфіцытны цяпер фрукт падаражэў на 165%.
Цана на грушы сёння складае ад 4,60 да 5,77 рубля за 1 кг, годам раней іх можна было купіць ад 3 да 7 рублёў, што ў сярэднім прыкладна столькі ж па цане.
Cлівы падаражэлі. Цяпер яны каштуюць каля 7 рублёў, хоць год таму можна было знайсці варыянты ад 4,50 рубля.

За вінаград на кірмашах просяць ад 5,70 да 7,21, што крыху танней, чым годам раней, тады за яго прасілі ад 5 рублёў.
Патаннела і трускаўка: каля 12 рублёў сёлета і ад 10 да 22 рублёў у мінулым.
Маліна засталася на сваіх пазіцыях: зараз яе можна ўзяць за 17 рублёў, а годам раней ад 15 да 18 рублёў.
Прыкладна за 10 рублёў можна купіць кіло журавін, у 2024-м крыху танней — ад 8,5 да 10 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.