Тут трэба сказаць, што па сутнасці Apple Pay — гэта амерыканская кампанія. Еўрапейскія санкцыі не распаўсюджваюцца наўпрост на амерыканскія фірмы, але справа ў тым, што Apple Pay працуе з еўрапейскімі партнёрамі і аплатнымі сістэмамі, то бок MasterCard і Visa.
І вось ужо гэтыя еўрапейскія партнёры павінны рэагаваць на ўведзеныя санкцыі. Цалкам магчыма, што яны проста загадзя (2 снежня яшчэ не наступіла) пачалі падрыхтоўку сваіх сістэм для таго, каб блакаваць, у тым ліку, даданне гэтых картак у Apple Pay.
— Што рабіць карыстальнікам банкаў, якія трапілі пад санкцыі?
— Усё залежыць ад патрэбаў чалавека. У Беларусі з гэтымі банкамі можна працягваць супрацоўнічаць. Іншае пытанне з даданнем картак у той жа Apple Pay, калі яны не дададзеныя, або ў Google Pay. Калі зрабіць гэта не атрымаецца, кліент падсанкцыйных банкаў сутыкнецца з тэхнічнымі нязручнасцямі. Пры гэтым, калі ён асабліва нікуды не выязджае і не аплачвае тавары на еўрапейскіх маркетплейсах, ён не моцна іх адчуе.
Калі ж чалавек, дапусцім, перыядычна выязджае, перш за ўсё ў Еўропу, і хоча праводзіць міжнародныя плацяжы або атрымліваць грошы з-за мяжы з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, то каб пазбавіць сябе рызыкі, можна адкрыць рахункі ў банках, якія не трапляюць пад санкцыі. На некаторыя банкі Беларусі былі накладзеныя пэўныя санкцыі, але яны там больш вузкія. Некаторыя — наогул пад іх не патрапілі. Варыянты ёсць.
— Атрымліваецца, звычайныя людзі могуць адчуць на сабе дзеянне санкцый, але гэта не занадта крытычна?
— У першую чаргу, санкцыі адчувальныя для саміх банкаў, таму што так ці інакш яны парушаюць кліенцкую структуру і нейкі пэўны адток людзей з адных банкаў у іншыя можа адбывацца.
Не факт, што гэта будзе масава, то бок у залежнасці ад банка, тым не менш гэтага магло б не здарыцца, калі б не санкцыі.
Трэба разумець, што санкцыі не нацэленыя на тое, каб звычайным людзям з Беларусі стала дрэнна, абсалютна не. Іх наклалі на банкі, якія актыўна ўдзельнічаюць у расійскіх аплатных і фінансавых сістэмах і могуць дапамагаць абыходзіць санкцыі, накладзеныя на Расію. Каб абмежаваць гэтую шчыліну. Тое ж самае тычыцца і іншых банкаў, якія маюць дачыненне да расійскіх.
Мне цяжка сказаць, наколькі паспяхова працуюць гэтыя санкцыі і ці дасягаецца асноўная іх мэта — усё гэта трэба аналізаваць, прычым — максімальна дэталёва.