"Дочкі" расійскіх банкаў і "Гарызонт" — новыя фігуранты санкцый

Альфа Банк трапіў у "чорны спіс" ЕС / Еўрарадыё
Пад новыя санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя 19-ы пакетам, трапілі беларускія "дочкі" расійскіх банкаў. У спіс уключаныя Альфа Банк, Сбер банк і ВТБ Беларусь.
Раней пад еўрапейскімі абмежаваннямі былі толькі "мацярынскія" банкі ў РФ.
Са спісу найбуйнейшых банкаў Беларусі не пад санкцыямі застаецца толькі Пріорбанк.
Таксама пад еўрапейскія санкцыі трапіў завод "Гарызонт" і яго гендырэктар Юрый Прадко. "Кампанія распрацоўвае і вырабляе тавары спецыяльнага і двайнога прызначэння, напрыклад, відэаназіральныя прылады для браніраванай тэхнікі. "Гарызонт" супрацоўнічае з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь у стварэнні і мадэрнізацыі мадэляў палігоннага абсталявання ў адпаведнасці з патрабаваннямі да падрыхтоўкі злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл", — пішуць у абгрунтаванні.
Акрамя таго ў "чорны спіс" Еўрасаюза трапілі кіраўнік дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім" Ілля Ікан і ЗАА "Галаграфічная індустрыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.