"Я — мама трансгендэрнага дзіцяці". Гісторыя Аксаны, якая падтрымала сына

Які шлях прыйшлося прайсці ў прыняцці свайго дзіцяці / Іншыя
Праект "Іншыя" распавядае гісторыю Аксаны пра шлях, які яна прайшла ў прыняцці свайго дзіцяці. Пра пачуцці мамы трансгендэрнай персоны, якая абараняе сваё дзіця перад грамадствам, і пра дапамогу іншым бацькам у прыняцці сваіх дзяцей.
Еўрарадыё з некаторымі скарачэннямі расказвае гісторыю Аксаны.
Пра момант, калі Алекс усвядоміў, што быць хлопчыкам яму больш камфортна
Упершыню гэта праявілася ў 11-12 гадоў, калі ў Алекса змяніўся стыль. Тады ён пачаў самастойна выбіраць сабе адзенне і стаў насіць розныя толстоўкі, джынсы, клетчатыя кашулі — атрымліваўся такі унісекс-гардэроб.
У той перыяд ён чытаў і глядзеў анімэ, а таксама пачаў захапляцца косплеямі. У нейкі момант я заўважыла, што для косплея ён выбіраае выключна мужчынскія ролі. Тады ж ён папрасіў замовіць яму уцяжкі [спецыяльныя прыстасаванні для візуальнага памяншэння частак цела, напрыклад, грудзей, — Еўрарадыё].
Я думала, што яны яму патрэбны для косплея, таму не пярэчыла і нават падтрымлівала яго ў гэтай творчасці. Але потым усвядоміла, што гэтая гульня ў косплей мужчынскіх персанажаў перайшла з фантазіі ў рэальнасць: дзіця ўжо фактычна адчувала сябе хлопчыкам.
У 15 гадоў Алекс зрабіў камінг-аўт. Ён заявіў, што адчувае сябе хлопчыкам, і папрасіў наперад звяртацца да яго ў мужчынскім родзе. Я хутка перайшла на гендэрна-нейтральнае імя Алекс.
"Аднойчы Алекс сказаў, што хоча, каб я дапамагла яму з трансгендэрным пераходам"
Тады для мяне гэта была вельмі дарагая працэдура. Да таго ж мне было складана прыняць гэтую просьбу. Я ўсё-такі спадзявалася, што гэта проста такі перыяд, што ён у гэта нагуляецца і "вернецца" у жаночую гендэрную сацыялізацыю.
Аднойчы мы з Алексам пайшлі ў японскае кафэ, і там працавала дзяўчына, якая звярнула ўвагу на тое, што Алекс пазіцыянаваў сябе як хлопчык. Яна сказала, што, маўляў, з ёй тое ж самае было ў падлеткавым узросце, а потым спынілася. Праз гэта ў мяне толькі ўзмацнілася перакананне, што ааднойчы гэта скончыцца.
Алекс адчуваў, што яго цела не адпавядае таму, кім ён сябе адчувае, праз тое ў яго пачаўся сэлф-харм. Я стала заўважаць парэзы на руках, на каленях і на грудзях. Ён не мог прыняць сваё цела, якое стала змяняцца ў пубертатным узросце.
У маскоўскай школе, куды трапіў Алекс, некаторыя дзеці пачалі сапраўдную траўлю і ўжывалі фізічны гвалт у адносінах да майго сына: аблілі яго кіпнем і вылівалі клей у сумку. Ён прыходзіў дадому з сінякамі.
Я хадзіла ў адміністрацыю школы і спрабавала разабрацца, але адміністрацыя проста закрывала на гэта вочы.
Потым Алекс вырашыў пераехаць у Мінск і пайсці ў школу ўжо там. У новай школе яму спадабалася. І з настаўніцамі, і з аднакласнікамі ў Алекса былі добрыя адносіны.
Нават калі ён называў сябе ў мужчынскім родзе, класная кіраўніца яго падтрымлівала. Мы дагэтулль з ёй размаўляем.
Пераезд у Літву
У 2020 годзе мы з Алексам, як і большасць беларусаў, зрабілі свой выбар за свабодную і незалежную Беларусь. Калі пачаліся пратэсты, усе нашы родныя прайшлі праз Акрэсціна. Мы выходзілі на такія ж пратэсты да амбасады ў Маскве.
Калі пачалася вайна, Алекс удзельнічаў у антываенных акцыях — з-за гэтага яму прыйшлося тэрмінова эвакуяваццаа ў Вільню. Я ж знайшла валанцёрскую групу, якая дапамагала ўкраінкам, гвалтоўна вывезеным з акупааваных тэрыторый. Мой валанцёрскі і ЛГБТК+-актывізм прывялі да таго, што пазней і мне прыйшлося эвакуявацца ў Літву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.