Вызвалены паплечнік Статкевіча, падазраваны ў "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў"

У Мінску са следчага ізалятара ўвечары 3 красавіка выпусцілі Сяргея Кулініча — намесніка старшыні аргкамітэта партыі "Народная грамада", перадае Радыё "Свабода". Паплечнік Мікалая Статкевіча — адзін з падазраваных па справе "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў".
Кулініча затрымалі напярэдадні Дня Волі. Менавіта на яго кватэры Статкевіч хаваўся перад Днём Волі і быў затрыманы 24 сакавіка.
Жонка Статкевіча, Марына Адамовіч, кажа, што вельмі коратка пагутарыла з Кулінічам па тэлефоне пасля вызвалення ўвечары 3 красавіка. Дарэчы, яшчэ каля 19-й гадзіны Кулініч не ведаў, што выйдзе на волю ў гэты ж дзень.