Вучэнні "Захад-2025" перанясуць ад межаў углыб Беларусі

Віктар Хрэнін / "Ваяр"
Беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні "Захад-2025" вырашана адвесці ад беларускіх межаў. Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.
"Мы прынялі рашэнне аб зніжэнні параметраў вучэння "Захад-2025" і пераносе яго асноўных манеўраў углыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад заходніх межаў", — перадае яго словы прэс-служба Мінабароны.
Паводле Хрэніна, перанос вучэнняў углыб Беларусі павінен сведчыць аб гатоўнасці да дыялогу, кампрамісаў і зніжэння напружанасці ў рэгіёне.
Як паведамлялася раней, расійска-беларускія вайсковыя вучэнні запланаваныя на сярэдзіну верасня 2025 года. Мяркуецца, што ў іх прымуць удзел больш за 13 тысяч вайскоўцаў. Колькі з іх будзе расіян, у Мінабароны Беларусі не паведамлялі.
Вучэнні выклікалі насцярожанасць у суседніх з Беларуссю краінах, бо ў 2022 годзе шырокамаштабная расійская агрэсія супраць Украіны таксама пачалася пасля сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.