Візавы калапс здарыўся на мяжы з Літвой у ноч на 20 траўня

Падарожжа, ілюстрацыйнае фота

Падарожжа, ілюстрацыйнае фота / onliner.by

Значныя затрымкі пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы зведалі ў ноч на 20 траўня ў пункце пропуску "Каменны Лог" — "Мядзінінкай" аўтобусныя пасажыры з шэнгенскімі візамі тыпу С. Паведамленні пра гэта з'явіліся ў сацсетках.

Мінчанка Юлія напісала, што яе аўтобус з Мінска ў Вільню затрымаўся  на мяжы больш чым на 12 гадзін, у выніку яна прапусціла свой авіярэйс, заўважыў Onliner.by. Паводле яе, увечары 19 траўня аўтобус доўга чакаў на мяжы, а потым літоўскі памежнік сказаў, што ўладальнікі віз тыпу С не змогуць перасячы мяжу. Пасажыраў з такімі візамі перасадзілі ў адзін аўтобус. Іх прапусцілі на кантроль толькі праз 3,5 гадзіны. прычым кантроль праходзіў павольна, сканер адбіткаў пальцаў не працаваў, а багаж амаль не правяралі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, праблемы ўзніклі праз збой у сістэме літоўскай памежнай службы, якая няправільна адлюстроўвала даныя па візах тыпу С. Верагодна, збой закрануў усе пункты пропуску ў Літве, уключаючы аэрапорты.

Шэнгенская віза тыпу C — кароткатэрміновая віза, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі краін Шэнгенскай зоны не больш за 90 дзён на працягу 180 дзён. Яе атрымліваюць для турызму, бізнес-паездак, наведвання сваякоў, удзелу ў канферэнцыях і г. д.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.