Летась беларусы атрымалі каля 157 тысяч шэнгенскіх візаў

Віза, ілюстрацыйнае фота / travellive.by
Беларусы ў 2024 годзе атрымалі каля 157 тысяч шэнгенскіх віз (без уліку Грэцыі, Іспаніі і Харватыі, якія выдаюць візы праз расійскія дыппрадстаўніцтвы). Такую статыстыку апублікавала Еўракамісія.
Найчасцей візы грамадзянам Беларусі выдавалі Германія (50 459), Італія (49 588), Польшча (20 952), Венгрыя (13 9530 і Францыя (11 889). У гэтую статыстыку ўваходзяць толькі візы тыпу С — уласна шэнгенскія. Нацыянальныя візы тыпу D не ўлічваюцца.
У параўнанні з ранейшымі гадамі ўсе асноўныя краіны, дзе беларусы звычайна атрымліваюць візы, скарацілі іх выдачу. Польшча, напрыклад, зменшыла колькасць выдадзеных візаў амаль на траціну. Павялічыла выдачу віз толькі Італія — там адзначаны рост больш як на 10%.
Таксама варта адзначыць, што значна вырасла доля адмоваў. Пры атрыманні нямецкага "шэнгена" адмовы складаюць 2,6%, венгерскага — 2,3%, а ад дыпламатаў Францыі беларусы атрымлівалі адмовы ў візах у 6,2% выпадкаў.
Літва выдала грамадзянам Беларусі 3781 візу, Латвія — 967, а Чэхія — толькі 93.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.