Узбек, які стаў прафесійным футбалістам у Беларусі, можа перайсці ў "Барселону"

Абдукодир Хусанов

Абдукадыр Хусанаў не замацаўся ў "Манчэстэр Сіці", але ім зацікавілася "Барселона" / Reuters

У кар’еры ўзбекскага абаронцы Абдукадыра Хусанава, які пачаў прафесійна выступаць у Беларусі за "Энергетык-БДУ", можа адбыцца рэзкі паварот.

Стаўшы гульцом "Манчэстэр Сіці" ў студзені 2025 года, Хусанаў да вясны так і не здолеў замацавацца ў складзе англійскага гранда. Нягледзячы на ўражальныя фізічныя і тэхнічныя даныя, ён аказаўся не гатовы да высокіх патрабаванняў Прэм’ер-лігі.

Паводле некалькіх крыніц, сітуацыю пагоршыў інцыдэнт на трэніроўцы — канфлікт з галоўным трэнерам "Сіці" Пепам Гвардыёлай.

Але таленавітым узбекам зацікавілася "Барселона", паведамляе сайт carpetasfcb.com. Кіраўніцтва каталонскага клуба разглядае Хусанава як перспектыўнае ўзмацненне.

Спартыўны дырэктар Дэку станоўча ацэньвае ягоны профіль: леваногі абаронца з выдатнай перадачай і міжнародным патэнцыялам. Асабліва прывабнай выглядае яго кантрактная сітуацыя — клуб можа дазволіць сабе даступную арэнду з правам выкупу, што важна ва ўмовах абмежаванняў фінансавага fair play.

Перамовы пакуль знаходзяцца на пачатковай стадыі. Шмат што залежыць ад умоваў, якія паставіць "Сіці", і жадання самога гульца змяніць клуб.

Для "Барселоны" Хусанаў — патэнцыйна выгадная здзелка: мінімум рызыкі, максімум перспектыў. У выпадку паспяховага трансферу ўзбекскі абаронца можа атрымаць другі шанец у Еўропе — ужо ў новай, больш адпаведнай сістэме, лічыць аўтар сайта carpetasfcb.com.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.