"Усебеларускі народны сход" збіраюцца правесці ў красавіку

Аляксандр Лукашэнка згадаў на нарадзе "аптымізацыю кіраўніцкіх працэсаў" / president.gov.by
"Усебеларускі народны сход" збіраюцца правесці ў красавіку. Пра гэта стала вядома ў аўторак, калі Аляксандр Лукашэнка сабраў на нараду яго прэзідыум. Ён назваў чарговае пасяджэнне УНС "найважнейшым дзяржаўным мерапрыемствам".
Лукашэнка падлічыў, што дагэтуль ужо прайшлі сем "Усебеларускіх народных сходаў". Красавіцкі будзе другім пасля атрымання "новага канстытуцыйнага статусу".
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца старшынёй УНС. Меркавалася, што ён цалкам засяродзіцца на гэтай пасадзе. Аднак летась Лукашэнка вырашыў паўдзельнічаць у сёлетніх прэзідэнцкіх "выбарах". Цяпер у яго дзве пасады.
"Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікам сённяшняй нарады. Згадаў ён і "аптымізацыю кіраўніцкіх працэсаў".
Лукашэнка збіраўся правесці чарговы "Усебеларускі народны сход" яшчэ ў пачатку года да "выбараў". Пра гэта ён заявіў у верасні 2024-га. "Мы павінны прадставіць людзям стратэгію на пяцігодку і вызначыць асноўныя напрамкі нашага развіцця", — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Але ў далейшым нешта пайшло не так.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.