Урачыста адкрыты басейн у Хойніках адразу ж закрылі

Так басейн у Хойніках паказала мясцовая раёнка

Так басейн у Хойніках паказала мясцовая раёнка / "Хойніцкія навіны"

Урачыста адкрыты басейн пры гімназіі ў Хойніках адразу ж закрылі.

Адкрыццё адбылося 1 верасня. На яго прыбылі старшыня аблвыканкама Іван Крупко і намеснік прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч. У дзяржаўных СМІ паказалі перарэзаныя стужкі, радасных дзяцей і задаволеных чыноўнікаў.

Але адразу пасля адкрыцця басейн закрылі, бо ён яшчэ не дабудаваны, даведалася выданне "Флагшток".

"Ён зачынены, і рабочыя вывезлі мэблю прывезеную", — пацвердзіў у сацсетках адзін з мясцовых жыхароў.

Вывучыўшы дзяржзакупкі, "Флагшток" высветліў, што будаўніцтвам басейна займалася УКБ Рэчыцкага раёна. У тэхзаданні да дакументацыі пазначаны тэрмін заканчэння работ — 24 верасня. Гэтая ж дата стаіць у тэндары па выкананні работ у рамках 4-га этапу праектавання.

Атрымліваецца, чыноўнікі запланавалі паказальнае адкрыццё басейна, загадзя дакладна ведаючы, што ён не будзе пабудаваны да 1 верасня.

Будаўніцтва фінансавалася з рэспубліканскага бюджэту. Агульная сума (пачынаючы ад тэндару па распрацоўцы дакументацыі), як падлічыла выданне, перавысіла 15 млн 800 тыс. рублёў — амаль 5,3 млн долараў.

Мясцовыя жыхары ў сацсетках пішуць, што рэальна басейн запрацуе не раней за кастрычнік, а то і снежань. Паведамляецца, што ў будынку працягваюцца работы.

Урачыста адкрыты басейн у Хойніках адразу ж закрылі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.