У ЗША суткі шукаюць мужчыну, які застрэліў кангрэсвумэн

Сілавікі ля дому кангрэсвумэн / AP
Паліцыя ЗША суткі шукае мужчыну, які падазраецца ў забойстве кангрэсвумэн штата Мінесота.
Паведамляецца, што 57-гадовы Вэнс Болтэр забіў дэмакратку Мелісу Хортман і яе мужа ў іх дома. Таксама ён атакаваў сенатара штата Джона Хофмана — ён выжыў. Прадстаўнікі мясцовых і рэгіянальных уладаў кажуць, што падазроны быў апрануты ў паліцэйскую форму і прыехаў на машыне, замаскіраванай пад паліцэйскую.
Напад называюць палітычна матываваным. У машыне меркаванага забойцы быў знойдзены спіс 50 магчымых ахвяр, сярод іх афіцыйныя асобы з Мінесоты і іншых штатаў і актывісты, якія змагаюцца за права на аборт.
Пра злачынцу вядома, што ён спецыяліст па бяспецы, і што ў Афрыцы займаўся “распаўсюдам хрысціянства сярод ісламскіх баевікоў” — некалькі разоў прапаведаваў у царкве ў Конга, куды ездзіў у камандзіроўкі.
"Злучаныя Штаты Амерыкі не пацерпяць такога жахлівага гвалту", — заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.