У Віцебску выявілі сотні фальшывых 100-доларавых купюр (фота)

У Віцебску праваахоўнікі выявілі 477 фальшывых 100-доларавых купюр. Усё пачалося 18 студзеня, калі ў адным з аддзяленняў банка затрымалі дваіх падлеткаў (2002 і 2006 гадоў нараджэння). Яны спрабавалі абмяняць тры стодоларавыя купюры. Аднак у работнікаў банка ўзніклі сумненні ў іх сапраўднасці.

Эксперты высветлілі, што долары былі вырабленыя не прадпрыемствам, якое выпускае грашовыя білеты і каштоўныя паперы ЗША. Аднак яны выкананы спосабам глыбокага друку з фотамеханічных друкаваных формаў, серыйныя нумары і пячатка казначэйства былі зроблены афсетным друкам.

Як інфармуе БЕЛТА, падлеткі распавялі, што долары яны атрымалі ад знаёмага маці аднаго з іх. У выніку аператыўнікі па розных адрасах сабралі сотні купюр, канфіскавалі камп'ютарную тэхніку. Затрыманы 36-гадовы мужчына, у яго адносінах распачатая крымінальная справа па артыкуле "фальшываманецтва ў асабліва буйным памеры". Раней ён быў асуджаны за гандаль людзьмі і рэалізацыю наркатычных сродкаў.

Фота: БЕЛТА