У траўні Лукашэнка наведае Пуціна і Рахмона

У траўні Лукашэнка наведае Пуціна і Рахмона

Бліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка здзейсніць візіты ў Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Таджыкістан, паведамляе яго прэс-служба.

Кіраўнік Беларусі наведае Расію з працоўным візітам. 14 траўня ў Сочы пройдзе пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. На ім Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркуюць актуальны парадак дня працы і далейшага развіцця інтэграцыйнага аб'яднання, перспектывы ўзаемадзеяння па шэрагу кірункаў.

Чакаецца таксама двухбаковая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. 

Пасля Сочы беларускі кіраўнік накіруецца з афіцыйным візітам у Рэспубліку Таджыкістан. Гэты яго візіт будзе доўжыцца да 16 траўня. У Лукашэнкі запланаваныя перамовы з прэзідэнтам краіны Эмамалі Рахмонам. Яны пройдуць у фармаце "сам-насам" і ў пашыраным складзе. Па выніках перамоў чакаецца падпісанне двухбаковых дакументаў.

Таксама кіраўнікі абедзвюх дзяржаваў прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця нацыянальнай выставы Беларусі ў Таджыкістане ды шэрагу іншых мерапрыемстваў. Акрамя таго падчас візіту Лукашэнкі ў Душанбэ там пройдзе таджыкска-беларускі бізнэс-форум.