У Светлагорску брыгаду "хуткай" збілі, бо "доўга ехала"
У выніку кіроўца трапіў у рэанімацыю.
Як піша "Гомельская праўда", надзвычайнае здарэнне адбылося ў Светлагорску ў суботу, 8 лістапада. Брыгаду "хуткай" выклікалі дома №48 у мікрараёне Палессе. Медыкаў выклікаў мужчына, які паведаміў,што ў яго маці — тэмпература і слабасць.
Як кажа загадчык станцыі хуткай дапамогі Светлагорскай ЦРБ Сяргей Пятрэнка, праз некалькі хвілін ператэлефанаваў чалавек. Як мяркуецца гэта быў брат папярэдняга мужчыны. Гэты брат пачаў агрэсіўна распытваць дыспетчара, чаму "хуткай" дагэтуль няма.
Потым затэлефанавала фельчар медбрыгады і ў слязах распавяла пра збіццё кіроўцы. Верагодна, мужчына вырашыў даказаць сваю праўду кулакамі. Хаця, як кажа загадчык станцыі, машына прыбыла на месца праз лічаныя хвіліны пасля выкліку. Па словах Пятрэнкі, кіроўца "хуткай" трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і ушыбам галаўнога мозгу.
Фота — gp.by