У Столінскім раёне мужчына пагражаў пакупніцы ў краме зброяй
Нецвярозы хуліган выявіў беспрычынную агрэсію і прыставіў да галавы жанчыны пнеўматычны пісталет.
У Столінскім раёне затрыманы 33-гадовы мужчына, які пагражаў пакупніцы ў краме пнеўматычнай зброяй. Інцыдэнт здарыўся пад вечар 22 студзеня ў адной з крамаў Століншчыны. П’яны наведнік стаў пагражаць 31-гадовай мясцовай жыхарцы і прыставіў да яе галавы пісталет.
Калі мужчына апусціў зброю, пакупніца хутка выйшла з крамы, пайшла дадому і патэлефанавала ў міліцыю.
Хулігана затрымалі па гарачых слядах і адабралі ў яго пісталет. Па словах арыштаванага, ён набыў зброю ў Расіі, калі ездзіў туды працаваць.
Столінскі аддзел Следчага камітэту завёў на яго крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства, паведамляе БелаПАН.