У Рэчыцы пачаўся суд за жорсткае забойства 19-гадовай дзяўчыны
Перад судом паўстаў яе аднагодак, да гэтага неаднаразова судзімы.
18 лістапада ў Рэчыцы Гомельскі абласны суд пачаў разгляд справы па жорсткім забойстве 19-гадовай Алесі Атаманчук. Злачынства адбылося 29 жніўня 2013 года. Падсудны — аднагодак дзяўчыны, да гэтага неаднаразова судзімы, перадае БЕЛТА.
Працэс абвешчаны закрытым, бо ў матэрыялах справы згадваюцца акалічнасці дзеянняў сэксуальнага і гвалтоўнага характару.
Паведамляецца, што дзяўчына і хлопец разам былі ў адной кампаніі, дзе адзначалі дзень нараджэння агульнага знаёмага. Пасля вечарынкі госці разышліся. Дзяўчына адправілася дадому, а хлопец пайшоў яе праводзіць. Аднак дадому Алеся не дайшла. Зранку яе цела знайшоў вартаўнік раённага дома творчасці моладзі, які абыходзіў тэрыторыю.
Сам абвінавачаны падчас следства прызнаўся, што перад злачынствам ужываў спіртныя напоі і псіхатропныя сродкі.
Фота — ctv.by