У Рагачове правялі "затор памяці"

Так выглядала "хвіліна маўчання" ў Рагачове 

Так выглядала "хвіліна маўчання" ў Рагачове  / slova.by

22 чэрвеня па ўсёй Беларусі праводзіліся "хвіліны маўчання" — у памяць пра дату нападу нацысцкай Германіі на СССР у 1941 годзе. Асабліва арыгінальна адзначылі гэтую дату ў Рагачове, заўважыла выданне "Флагшток".

Відэа акцыі з'явілася ў TikTok-акаўнце раённай дзяржаўнай газеты "Свабоднае слова". Мерапрыемства адбывалася ў цэнтры горада, дзе вуліца Леніна (асноўная гарадская магістраль) перасякае цэнтральную плошчу, насупраць мясцовага выканкама.

Для "хвіліны маўчання" супрацоўнікі ДАІ папросту спынілі рух з усіх бакоў. На скрыжаванні паставілі рэгуліроўшчыка не толькі з жазлом, але і з пісталетам. Непадалёк стаялі і машыны міліцыі з мігалкамі.

Аўтамабілістам давялося стаяць у заторы і слухаць гучную прамову з рэпрадуктара пра гадавіну нападу нацысцкай Германіі на СССР. У "заторы памяці" не па сваёй волі сабраліся дзясяткі машын.

На відэа можна заўважыць таксама, што цэнтр горада амаль пусты. Нешматлікія мінакі спыніліся на месцы і напружана стаялі ўвесь час акцыі пад метраном і пафасны тэкст дыктара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.