У Рагачоўскім раёне дачнікі скралі барана, каб закусіць

Злачынства здзяйснялі ўтрох. Скрадзеную жывёліну мужчыны забілі і разабралі на тры часткі, затым з мясам разышліся па дамах. Аднак скарыстацца ёю не паспелі - наляцелі супрацоўнікі міліцыі.

Да ўчынку дачнікаў падштурхнула жаданне закусіць. Адзін з сабутэльнікаў сказаў, што ведае чалавека, які трымае авечак і коз. На іх зладзейскае шчасце гаспадара не аказалася дома - ён паехаў у райцэнтр на кватэру. Да таго ж дзверы хлява аказаліся не закрытыя, паведамляе sb.by.

Вярнуўшыся на дачу, гаспадар не далічыўся барана і звярнуўся ў міліцыю. Супрацоўнікам Рагачоўскага РАУС спатрэбілася менш за суткі, каб знайсці злодзеяў у суседняй вёсцы.