У Польшчы замарозілі тэрміны разгляду спраў па міжнароднай абароне

Дакументы беларуса ў Польшчы, ілюстрацыйнае фота / MOST
У Польшчы на паўгода прыпынілі тэрміны разгляду заяў на прадастаўленне міжнароднай абароны, якія знаходзяцца на разглядзе Упраўлення па справах замежнікаў. Гэта заўважыла ініцыятыва "Партызанка", якая аказвае юрыдычную дапамогу палітычным эмігрантам з Беларусі ў Польшчы.
Гэтая норма звязаная з тым, што набылі моц змяненні ў закон ад 12 сакавіка 2022 года "Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы". Хаця закон адзначае толькі грамадзян Украіны, насамрэч ён закранае ўсіх замежнікаў, якія просяць у Польшчы міжнароднай абароны.
"Гэта азначае, што калі ваша справа ўжо разглядаецца, тэрмін "замарожваецца" і не працягваецца да 4 сакавіка 2026 года. Калі вы падалі новую заяву — адлік тэрмінаў пачнецца толькі пасля названай даты", — тлумачаць у "Партызанцы".
Пры гэтым заяўнікі захоўваюць легальны статус і ўсе правы, звязаныя з падачай заявы, адзначаюць у ініцыятыве. "Скаргі на зацягванне разгляду да 4 сакавіка 2026 года не будуць мець юрыдычнага эфекту. Калі вы чакаеце рашэння па міжнароднай абароне, важна памятаць: ваш працэс не спынены, а толькі падлік тэрміну яго разгляду прыпынены", — кажуць у "Партызанцы".
Разгляд заяваў павінны аднавіць пасля 4 сакавіка 2026 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.