Маці Кацярыны Ваданосавай пакуль што застаецца ў Польшчы

Кацярына Ваданосава з маці / @KaciarynaVadanosava
Нэлі Ваданосаву, маці спявачкі і артысткі Кацярыны Ваданосавай, пакуль што не будуць высылаць з Польшчы ў Літву, як планавалі раней.
Прызначаная на 6 кастрычніка дэпартацыя не адбудзецца. Варшаўскі адміністрацыйны суд пастанавіў устрымаца ад высылкі беларускі. Яе справа будзе разглядацца пад канец кастрычніка, расказала адвакатка Ганна Маціеўская ў каментары Радыё Свабода.
Нэлі Ваданосава, ратуючыся ад палітычнага пераследу, пераехала да дочкі і яе сям'і ў Польшчу, дзе папрасіла прытулку. Аднак у Еўрасаюз жанчына трапіла па візе, выдадзенай літоўскай амбасадай, таму польскі бок хоча выслаць яе ў Літву.
Паводле Кацярыны Ваданосавай, пад увагу не бярэцца ні стан яе маці (яна перанесла інсульт падчас ператрусу), ні тое, што акрамя доччынай сям'і іншых блізкіх у яе няма.
"Апошні год я ўздымала гэтую тэму разоў дзесяць. І яна сапраўды балючая для беларусаў. Я бачу, што існуе абсалютна інструментальны падыход да гэтых справаў. То бок, ёсць віза — едзь менавіта да Літвы", — пракаментавала сітуацыю адвакатка Маціеўская.
Яна таксама выказала незадавальненне, што Офіс Святланы Ціханоўскай без кансультацыі з юрыстамі накіраваў ліст па гэтай справе да польскай памежнай службы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.